З крывавых дзён

УСТУП

Адным з самых цудоўных перыядаў у гісторыі Польшчы пасля падзелаў які сабраў шмат фактаў ціхай, невядомай і разам з тым узнёслай ахвярнасці, шмат праяў звышчалавечага гераізму і дзякуючы гэтаму пакінуў, можа, самую цудоўную старонку ў айчыннай гісторыі,— гэта паўстанне 1863 года, апошняе намаганне'прыгнечанага народа, здзейсненае з мэтаю скінуць ненавіснае, прыніжальнае ярмо. Гэтую старонку запаўнялі эпізоды, што адбыліся на тэрыторыі Літвы і Кароны і ў многіх працах былі апісаны ці відавочцамі, ці былі сабраны з польскіх і замежных дзённікаў. Да вядомых манаграфій паўстання належаць працы А Гілера, Ліманоўскага, Струся, Хацішэўскага, але ў ніводным з іх важны гістарычны факт не быў паказаны з усёй дакладнасцю. Шмат яшчэ выпадкаў, што адбыліся ў той перыяд, цалкам невядомыя шырокім колам. Мы не абвінавачваем аўтараў гэтых несумненна каштоўных прац, бо немагчыма абмаляваць поўны і ў кожнай дэталі закончаны вобраз падзей, што адбыліся ў недалёкім мінулым: кожны дзень яшчэ можа нам прынесці новыя адкрыцці на гэтай ніве. Агульная аснова паўстання трапна і з добрым намерам аўтараў была занатавана. Што да адзінкавых здарэнняў, многія з якіх яшчэ ляжаць у імгле забыцця, бо мы не маем амаль ніякіх падрабязнасцяў пра паўстанне ў некаторых ваколіцах Літвы, Валыні і Украіны, то калі б кожны з удзельнікаў нацыянальнай барацьбы 1863 года захацеў паводле магчымасці апісаць убачаныя ім самім эпізоды партызанскай вайны, прагалы і недакладнасці, што знаходзяцца ў папярэдніх манаграфіях, пачалі б запаўняцца. 3 такіх толькі на першы погляд паасобных старонак магла б паўстаць пад рукою здольнага гісторыка вычарпальная кніга гісторыі паўстання. Натуральна, што самай галоўнай і неабходнай умовай такіх меншых апісанняў павінна быць шчырая любасць да радзімы і цяга да праўды ў апісанні падзей. Што далучэнне па магчымасці да высвятлення ходу нацыянальнай барацьбы з'яўляецца абавязкам кожнага сумленнага грамадзяніна краю, гэтага ніхто не здолее аспрэчыць. Кіруючыся жаданнем выканаць гэты абавязак, я асмельваюся паказаць землякам гэтую маю працу, у якой намерыўся апісаць паход на Міншчыне пад кіраўніцтвам Баляслава Свентарэцкага і Станіслава Ляскоўскага, афіцэра генеральнага штаба расійскіх войск Усе гэтыя партызанскія падзеі адбываліся ў Ігуменскім павеце. Спадзяюся, шаноўныя чытачы не будуць на мяне ў крыўдзе, што непасрэднае апісанне паўстання 1863 года на Міншчыне я падаў пасля замалёўкі падзей, якія папярэднічалі яму, а закончыў расказам пра сучасныя, велымі сумныя на Літве стасункі.

Пісаў у Кракаве дня 8 жніўня 1889


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13