Дабрадзею артысту Манько

Манько хвацкі, мілы браце!

Далі бог жа, ў нашай хаце

Як ты зуха, чалавека

Не пабачыш, пакуль века.

На цябе я ўсё дзіўлюся,

Ці паскачаш ты Пятруся,

Ці надзенеш у пакрытку

Бурлакову рвану світку,

Паліш люльсу-насагрэйку,

Ці, прапаўшы за капейку,

Сабіраўся ты ў салдаты

Усё праўда,— шчыра слова,

Усё наша, ўсё вяскова

За голасам, за казачым

Хоць ты скачаш, то мы плачым.

Хіба ж, шоўшы цёмным лесам,

Ты пазнаўся з самім бесам,

I, прадаўшы душу шэльме,

Чараўнік ты хітры вельме!

Падпускаеш, йшоўшы ў таны,

Ў вочы чары і туманы.

Мусіць, мусіць так і была!..

Не схаваеш ў мяшку шыла.

А можа быць, браце родны,

Не псаваў Цябе нягодны.

Толькі ў полю і каморы

Ты вяскова наша гора,

Ліху долю, што на ніве

Паглядзеў ты справядліве.

Калі так, дык ўсюды браты!

Гэй! за Віслу, за Карпаты,

Ад Кралеўца да Дуная

За табой у такт спявая,

Поймуць Цябе ў тваім тане

Ўсе родныя, ўсе славяне.