Прыпаў сэрцам да зямлi сваёй

Удзельнічаюць два вядучыя (дзяўчынка і юнак), чытальнікі, гурт вучняў-эрудытаў, пажаданы ўдзел вакальнага і танцавальнага калектываў.

Гучыць мелодыя песні "Спадчына" (словы Янкі Купалы, музыка Ігара Лучанка). Выходзяць вядучыя.

1-ы вядучы.

Янка Лучына!

Святло імя твайго

Вятры стагоддзяў не згасілі,

I стала сімвалам яно

Любові і адданасці Айчыне.

2-і вядучы. Так, таленавіты беларускі паэт-дэмакрат Янка Лучына любіў Беларусь. Змалку прыпаў сэрцам да зямлі сваёй, любіў і тонка адчуваў прыгажосць беларускай прыроды, цікавіўся жыццём беларускай вёскі, народным побытам, традыцыямі, звычаямі, абрадамі.

1-ы вядучы. Прываблівалі Янку Лучыну песні, казкі, паданні беларускіх сялянаў, прыгожая, спеўная мова народа. Паэт разумеў яе вялікія мастацкія магчымасці, імкнуўся рэалізаваць іх у сваёй творчасці.

2-і вядучы. Ён быў адным з першых пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, прыклаў нямала намаганняў, каб сцвердзіць права беларускай мовы гучаць на роўных з мовамі іншых народаў.

1-ы вядучы. Паэт-дэмакрат Янка Лучына шчыра сімпатызаваў сялянам, паважаў іх за працавітасць, душэўную шчырасць, добразычлівасць. Спачуваў сялянам, бо бачыў, у якіх неспрыяльных умовах, у якой беднасці жыве працавіты араты, "у лапці абуты, у сярмяжную світку адзеты".

2-і вядучы. Янка Лучына перажываў разам з народам яго клопаты і гора, зліў свой голас з голасам і настроем сялянаў, якія настойліва шукалі лепшай, праўдзівай долі.

1-ы вядучы. Звернем увагу, як удала знойдзены паэтам гэты змястоўны эпітэт — праўдзівая... Праўдзівая доля. Але дзе шукаць яе? Як дачакацца тую долю?

 


1 2