Пра Янку Лучыну пры нагодзе аднаго здымка

З нагоды чарговых круглых угодкаў успаміналася пра польска-беларускага паэта Янку Лучыну, у сапраўднасці Івана Неслухоўскага. Чарговыя сесіі, семінары, кнігі, помнікі. Можа нешта новае пра паэта...

Янка Лучына нарадзіўся ў Мінску 6 ліпеня 1851 г. Памёр у Мінску 27 ліпеня 1897 г. Гэтыя крайнія даты вызначаюць жыццё паэта — польскага Яна Неслухоўскага і беларускага Янкі Лучыны. Што ў жыцці творцы самае важнае? Час і месца нараджэння, яго асяроддзе, навука і першы жыццёвы прафесійны вопыт. Час выпаў на пачаткі фармавання сучаснай беларускай нацыі, якога пачынальнікамі была шляхта, пражываючая на землях былога Вялікага княства Літоўскага, якая бачыла патрэбу ў паднясенні беларускай мовы да роўнай сярод роўных: Аляксандр Ельскі, Францішак Багушэвіч... Пражывалі яны ў Расійскай імперыі, пісалі па-польску і пачыналі пісаць па-беларуску. Беларуская мова былa мовай сялян. Трэба было паэтычнага майстэрства, каб загучала яна нароўні з рускай ці польскай, каб натхняла новых творцаў да выяўлення ў ёй сваіх думак і пачуццяў.

150 гадоў ад нараджэння Янкі Лучыны спадарыня Марыя Нэканда-Трэпка з Белай-Падляшскай прыслала вельмі цікавы здымак, які папоўніў збор маіх матэрыялаў пра выдатнага беларускага дзеяча Антона Нэканду-Трэпку. Здымак цікавы перш за ўсё тым, што на ім побач з іншымі асобамі, у цэнтры, знаходзіцца Янка Лучына. Не ведаю, ці гэты здымак вядомы знаўцам жыцця і творчасці гэтага польска-беларускага паэта. Я прынамсі не сустрэла такога ў вядомых мне выданнях пра Янку Лучыну. На ім паэт сядзіць на ганку ў акружэнні сям’і. Першы справа сядзіць Антон Нэканда-Трэпка, сын роднай сястры Янкі Лучыны — Антаніны. Тады гімназіст. Здымак праўдападобна зроблены быў каля 1895 года. Месца вельмі цікавае. Гэта паслярадзівілаўскі маёнтак Зацярэва (Зацежэв) над ракой Зацяранкай. Знаходзіўся ён у парафіі Свержань Мінскага павета, у адлегласці 12 вёрст ад станцый Стоўбцы і Гарадзея, 85 вёрст ад Мінска. Бываў у маёнтку Уладыслаў Сыракомля. Напісаў там нават верш „Przeszlosc” у 1851 г., у год нараджэння Янкі Лучыны.

Паводле ўспамінаў Людвікі Дзяржынскай (1908 г. нараджэння), якая жыве ў Варшаве, маёнтак Зацярэва арандавалі Неслухоўскія. Летам з’язджаліся туды з Мінска, дзе таксама мелі свой дом пры Юр’еўскай 23. Бабуля спадарыні Людвікі, Антаніна, была роднай сястрой Янкі Лучыны. На жаль, памерла яна вельмі молада пры народзінах сына Антона Люцыяна. Асіраціла таксама двухгадовую дачушку Ванду. Аўдавелы 33-гадовы інжынер Станіслаў Францішак Нэканда-Трэпка ажаніўся хутка з маладой 18-гадовай Стэфаніяй Азямблоўскай, але не парываў кантактаў з сям’ёй першай жонкі — Неслухоўскімі. Таму і дзеці яго праводзілі лета ў Зацярэве, куды таксама любіў прыязджаць Янка Лучына.

Памяць пра Янку Лучыну ў сям’і асталася, асабліва ў кантэксце яго ўплыву на сфармаванне беларускай нацыянальнай свядомасці Антона Нэканды-Трэпкі. Янка Лучына перадаў пляменніку, сыну сястры, замілаванне да беларускага народу ў такой ступені, што той актыўна ўключыўся ў беларускі рух. Янкі Лучыны ўжо не было ў жывых, калі выйшла друкам кніжачка яго беларускіх вершаў „Вязанка” (Пецярбург 1903). Калі ўявіць, што Антон Нэканда-Трэпка быў тады ў Піцеры (канчаў Тэхналагічны інстытут) і дзейнічаў у выдавецкай суполцы „Загляне сонца і ў наша аконца”, то зусім рэальнай становіцца думка, што ўдзячны дзядзьку Антон дапамог яму — хаця пасля смерці — выдаць кніжачку беларускіх вершаў. Антон Нэканда-Трэпка, які вырас пад уплывам свайго дзядзькі Янкі Лучыны, не здрадзіў Беларусі ніколі, а за працу на яе карысць прыйшлося яму адпакутаваць у ссылцы і памерці ў Казахстане. Але гэта ўжо іншая гісторыя...

Спадарыня Людвіка Дзяржынская расказала таксама пра сям’ю Неслухоўскіх. Хаця ані бабулі яе не было ў жывых, ані Янкі Лучыны, калі яна нарадзілася, з сям’ёй Неслухоўскіх сувязі падтрымоўваліся. Яе маці Ванда выйшла замуж за суддзю Адама Дзяржынскага і жылі яны ў мястэчку Тукум каля Рыгі. Прыязджалі пару разоў у Мінск, калі Людвіцы было 4 і 7 гадоў. Запамятала брата Янкі Лучыны, Генрыка Неслухоўскага, адваката, які вельмі любіў жанчын і ажаніўся з медсястрой. Памёр у Вільні. Другі брат Янкі Лучыны, Юльян, які быў інжынерам лесніком, жыў у Курску. Да яго падалася Людвіка з маці ў час першай сусветнай вайны. Тады Юльян меў жонку Ванду і двух сыноў. На Каляды 1917 г. у хату прыбегла служанка Юльяна з крыкам: „Забілі нашага пана!” А быў гэта час рэвалюцыі. З сям’і Неслухоўскіх выводзіўся таксама віленскі ваявода Уладыслаў Рачкевіч.

Взято с http://niva.iig.pl/issue/2001/50/art_01.htm