Вытлумачэнне Янкi Лучiны

1.

Няма тугі па прамінулым ХХ стагодзьдзі. Бо ўсё лепшае, што за гэты час рабілася ў беларушчыне, само было прадыктаванае тугою па стагодзьдзі дзевятнаццатым. Маю на ўвазе сам дух культуры і культурны кантэкст.

У дакумэнтальнай рэальнасьці ХХ-га, нібы тыя печы на папялішчах хат, парасстаўляныя мулкія і неадушаўлёныя знакі бяды — Курапаты, Хатынь, Чарнобыль. А за імі, нібы параграфы разьдзелаў, — калектывізацыя, нацдэмы, партызаншчына, радыяцыя, намэнклятура, Лукашэнка... Блукаеш паміж гэтых знакаў, а ў душы — туга. Бо сама культура наша — туга па ідыліі: па фантастычна прыгожых краявідах, як на малюнках Орды — зямля сядзібаў; па чалавечай шчырасьці, як у лістах Пачынальнікаў; па яснай мэце змаганьня, калі не мяшаюцца дабро і зло, як у бітвах 1831-га і 1863-га; па высокім аўтарытэце гуманістыкі і адукацыі, як у Полацкім калегіюме або Віленскім унівэрсытэце; па чысьціні і людзкасьці. Самыя беларускія творцы, чыё мастацтва прасякнутае нацыянальнай ідэяй, — людзі гэтай тугі. Уладзімер Караткевіч, да прыкладу, — пісьменьнік ХІХ стагодзьдзя. А Пётра Сергіевіч — мастак ХІХ стагодзьдзя. Зянон Пазьняк — палітык ХІХ стагодзьдзя. Ад творцаў пазьнейшага часу іх адрозьніваюць рамантызм, адназначнасьць і першынство маралі. Таму і творы ХІХ-га чытаюцца ўсе, нібы сёньняшнія. Выглядае, што пры канцы ХІХ стагодзьдзя выразьнікі беларускай ідэі моцна затужылі па сваім пражытым веку. Туга тая стала культурай на ўсю пэрспэктыву, і цяпер ужо мы са сваёй верхатуры часу, тым ня менш, таксама — частка тае тугі і тае культуры. Адлік усяго гэтага тужэньня пачынаецца з канкрэтнага чалавека — зь Янкі Лучыны.

Лучына любіў тонкі стыль і краявіды. Сярод тагачаснага ўсеагульнага захапленьня народніцтвам Лучынавы “Паляўнічыя акварэлькі з Палесься” ўспрымаюцца як эстэцтва.

Лучына аб’яднаў у сабе дзьве плыні зародкавага беларускага нацыяналізму — усходнюю і заходнюю, пісаў і па-польску, і па-расейску, кантактаваў адначасова і зь дзеячамі заходне-рускага, і крэсовага кірункаў.

Лучына стаў адпраўным пунктам нацыянальнага адраджэньня пачатку ХХ стагодзьдзя. Менавіта ягоная кніжка хадзіла па руках тых, хто створыць “Нашу Ніву” і БНР.

Са спадчыны Лучыны захавалася найболей твораў па-польску. Ня могучы шырака друкавацца на забароненай беларушчыне, паэт перакладаў свае творы на польскую мову, у выніку чаго захаваліся якраз апублікаваныя вершы і паэмы. Найперш гэта тычыцца Лучынавага шэдэўру — “Паляўнічых акварэлек з Палесься”. Можна цалкам дапусьціць, што арыгінал пісаўся па-беларуску, бо захаваўся адзін разьдзел — “Стары лясьнік” — на беларускай мове. Цікава, што галоўны герой акварэлек — Стары лясьнік — больш літаратурны, чым, скажам, сацыяльны ці этнаграфічны пэрсанаж. Як заўважае дасьледнік Уладзімер Мархель, “паводле маштабу і ўзроўню мастацкага абагульненьня роўнага яму вобразу ні ў беларускай літаратуры, ні ў іншамоўнай літаратуры Беларусі другой паловы ХІХ ст. няма. Таму “Паляўнічыя акварэлькі з Палесься” можна паставіць у такі гістарычна пэрспэктыўны рад выдатных твораў, як “Песьня пра зубра” Міколы Гусоўскага і “Пан Тадэвуш” Адама Міцкевіча, якія перадвызначылі зьяўленьне “энцыкляпэдыі беларускага жыцьця” — “Новай зямлі” Якуба Коласа”.


1 2 3 4 5 6 7 8