Вытлумачэнне Янкi Лучiны

Хто б сёньня не падпісаўся пад гэтымі радкамі! Але я не пра тое. Сонца над “нашай ніваю”. На той час ніва — знакавае расейскае слова. Назва пецярбурскага часопісу, частае слова ў паэзіі папулярнага тады Някрасава. Няма сумневу, што менавіта з гэтага Лучынавага верша паходзіць назва галоўнай беларускай газэты “Наша Ніва”. Але, вяртаючыся да абяцанае высновы, я і адсюль вазьму толькі адно слова — наша. Разам выходзіць: цэнім наша.

Прыклад Неслухоўскага-Лучыны дае зусім нечаканую ў параўнаньні з ранейшай крытыкай трактоўку плачу беларускіх паэтаў па роднай старонцы і нараканьняў на неўмалот ды нішчыміцу. Пазьнейшыя паэты пад уплывам згаданага Някрасава сапраўды станавіліся плакальнікамі над доляй беларускага мужыка, “паэтамі-народнікамі”. Але ў Лучыны падставаў для такога сацыяльнага рыданьня не было. Ягоны плач мае зусім іншы кантэкст.

Беларускі паэт другой паловы ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя быў шляхціцам. Ці то Лучына, ці то Купала. Можна сабе ўявіць атмасфэру сем’яў, у якіх яны выхоўваліся, дзе штодня гаварылася пра колішняе багацьце, скарб і гонар, пра тое, колькі дзед меў зямлі, сялянаў і маёнткаў, пра тое, як бацька страціў усё дзедава багацьце ў выніку расейскае акупацыі, пра тое, як брата за антырасейскае паўстаньне пад кіраўніцтвам Каліноўскага саслалі ў Сыбір. Дык вось: іхны плач па роднай старонцы насамрэч быў плачам па адабранай маёмасьці. Зусім не сялянскае нараканьне на сацыяльную няроўнасьць, а менавіта абурэньне беларускай арыстакратыі зьнявагаю сваёй мовы, веры і адабраньнем зямлі. Янка Неслухоўскі-Лучына — бясспрэчны клясык і галоўны выразьнік гэтага настрою.

Зямля і ніва — наша — не ў філязофскім, не ў абстрактным сэнсе, а “паводле дакумэнтаў”, паводле фамільнае памяці. Зямля, забраная ў нас незаконна і несправядліва.

Ужо наступнікі Неслухоўскага пачнуць тыражаваць той плач, і ў тыражаваньні паступова страціцца, згубіцца ягоны праўдзівы кантэкст. Словы пра беднасьць ды неўмалот стануць разумецца і пісацца ў дачыненьні да мужыка, народу менавіта з сацыяльным значэньнем. А выгадаваны далёка ад Беларусі Максім Багдановіч, не зразумеўшы рэальнага вытоку гэтых нараканьняў, усклікне: “Кінь вечны плач свой аб старонцы”. Тым самым любімы паэт нацыі выкрые праўду пра край, якім у часе кароткатэміновага прыезду быў літаральна зачараваны, і няпраўду беларускай арыстакратыі, пад якой тая арыстакратыя хавае свае патаемныя пачуцьці. Багдановіч нібы заклікае паэта-шляхціца: паглядзі, якая твая старонка прыгожая і ў сапраўднасьці багатая! Не, запярэчыў бы яму Янка Лучына, не магу я бачыць сваю бясконца любімую зямлю прыгожай ды багатай, пакуль яе топча чужацкі бот.

Взято с library.by


1 2 3 4 5 6 7 8