Вытлумачэнне Янкi Лучiны

Сучасная энцыкляпэдычная характарыстыка ўжо не параўноўвае Неслухоўскага з Багушэвічам і ня піша пра бяднейшую творчасьць паэта. Яна карэктна сьцьвярджае, што ў творах Лучыны — вытокі беларускай філязофскай лірыкі. Але, напэўна ж, ня толькі гэта. Зьвернемся да вершаў, у якіх я абяцаў адшукаць матывы і вобразы, зразумелыя сучаснаму чалавеку, і такім чынам спраўдзіць, наколькі творчасьць паэта жывая, ці яна не састарэла. Дзеля чысьціні экспэрымэнту бяру толькі тыя творы, якія былі напісаныя па-беларуску. Польскамоўныя вершы, перакладзеныя на беларускую нашымі сучасьнікамі, — ладнейшыя, але вымагаюць многіх агаворак і дапушчэньняў. Вось твор, які мае назву “Роднай старонцы”. Услухайцеся ў гэтыя неадназначныя радкі:

Ты параскінулась лесам, балотамі,

Выдмай пясчанай, неураджайнаю,

Маці-зямліца, і умалотамі

Хлеба нам мерку ня даш звычайную.

А сын твой, беднаю адзет сярмягаю,

З лыка пляцёныя лапці абуўшы,

Едзе драбінамі ці калымагаю,

Конем, што цягне, як бы заснуўшы...

Усё ў табе бедна. Часта заплача

Мужык араты дзеля злой долі,

Цяжка працуючы. Ён жа, аднача,

З табой расстацца ня жджэ ніколі.





1 2 3 4 5 6 7 8