Вытлумачэнне Янкi Лучiны

“У нашай паэзіі Неслухоўскі ідзе сьледам за Багушэвічам, з каторым ён адначасна і пісаў. Уплывы Багушэвіча ясна відаць на яго творчасьці. Аднак паэзія Неслухоўскага бяднейшая; няма ў ёй той выразнасьці матываў і таго багацьця фарбаў, што ў Багушэвіча; слабейшая сацыяльная сьведамасьць і не зусім выразная сьведамасьць нацыянальна-беларуская. Быць можа, тут пашкодзіла ахвота ўславіцца ў літаратуры польскай, у каторай Неслухоўскі, аднак, неарыгінален і мала відзен, — ён толькі пераказвае там другіх, асабліва Сыракомлю. У гісторыі нашае літаратуры Неслухоўскі вызначаецца мяккасьцю паэтычных тонаў і лірычнасьцю. У слоўніку яго можна адзначыць некаторыя русізмы, прышчэпленыя, мусіць, расейскаю школаю, як: грудзь замест грудзі, кружась замест кружачыся, робячы кругі, ня даш замест не дасі (гэта ж разам і польшчына) і іншыя”.

Максім Гарэцкі ўжо адкрыта піша, што паэзія Неслухоўскага бяднейшая за паэзію Багушэвіча. І якраз у Гарэцкага пачынаюцца тыя незразумелыя сёньня вызначэньні. Што такое “слабейшая сацыяльная сьведамасьць”? І ці можа яна быць крытэрам ацэнкі паэзіі? Зрэшты, як і сьведамасьць нацыянальная. Відавочна Гарэцкі паддаўся тут моднай за савецкім часам сацыялягізацыі, якую пазьнейшай парою крытыкі назавуць вульгарнай.

Дасьледчыкі найноўшага часу пазьбягалі параўнаньня паэзіі Лучыны з творчасьцю Багушэвіча. Скажам, Уладзімер Мархель папярэднікам Неслухоўскага называе толькі Сыракомлю:

“Прадаўжаючы эстэтычныя традыцыі літаратуры Беларусі сярэдзіны ХІХ ст., ён аставаўся традыцыйным у польска- і рускамоўных творах і адначасова быў наватарам у вершах, напісаных па-беларуску, дзе ўзаемадзейнічалі рэалістычныя і рамантычныя пачаткі”.

Духоўным бацькам Неслухоўскага са спасылкай на колішніх польскіх рэцэнзэнтаў называе Сыракомлю і Адам Мальдзіс.

Што да спалучэньня рэалістычных і рамантычных пачаткаў, дык тут ёсьць пра што задумацца ў нашу эпоху постмадэрнізму. Ня так проста ў цяпершчыне вычуць гэтыя самыя рамантычныя пачаткі. Няхай сабе ў вершах, дзе многае тлумачыцца чыстай дэкаратыўнасьцю. Але як уявіць гэткі лад думак і настрой душы не ў паэзіі, а ў жыцьці? Як уявіць сабе рамантычнага чалавека сёньня? Згадваю, што за савецкім часам такіх пытаньняў і жаданьняў не ўзьнікала. Бо менавіта для савецкага часу быў уласьцівы рамантызм. Усё экзыстэнцыйнае і нэарэалістычнае ў той утопіі ўсеагульнага шчасьця было супрацьпаказанае. Прынамсі, усё гэта вытыркалася на агульным тле, зь якога пры тым ніяк не выпадалі і нават не адрозьніваліся ў агульным філязофска-псыхалягічным клімаце ані рамантызм Сыракомлі, ані рамантызм Купалы. Яшчэ дваццаць гадоў таму гэтыя вершы было цяжка датаваць паводле мэтаду. Чыстым архаізмам гучалі барочныя і клясыцыстычныя творы, а вось рамантычныя часьцяком былі нібы сёньня напісаныя. І вось прайшлі гэтыя гады, і рамантызм “здаўся”, набыў характэрнае гучаньне архаікі. Сама сабою пачалася глябальная пераацэнка каштоўнасьцяў. Калі літаратура — гэта паралельнае жыцьцё, дык рамантычная літаратура перастала быць паралельнай менавіта нашаму жыцьцю, як тое было яшчэ ня так даўно.


1 2 3 4 5 6 7 8