Вытлумачэнне Янкi Лучiны

2.

Думаючы сёньня пра творчасьць Янкі Лучыны, раптам разумееш, як за апошнія два дзесяцігодзьдзі зьмянілася Беларусь. Зусім ня тыя кантэксты. Ранейшыя ацэнкі не задавальняюць, іх цяжка зразумець. Што такое “паэт-народнік”, або “паэт-дэмакрат”, або “пясьняр народнай долі”? Словы, якія сёньня, у часы посткамунізму і Інтэрнэту, нічога ня значаць. Можа, і сама паэзія Неслухоўскага перастала прамаўляць да сучасных душаў і закранаць пачуцьці? Можа, гэта сёньня ўсяго толькі літаратурны помнік? Дэкаратыўнае словаспляценьне?

Першая мая ідэя — перачытаць творы Лучыны менавіта як жывую паэзію. Гэта значыць адшукаць у іх тыя ноты, якія б гучалі актуальна і цяпер. Найперш гэта тычыцца экзыстэнцыйных матываў. Далей — пазнавальныя дэталі і вобразы, зь якімі не аднойчы сустракаўся сам. Забягаючы наперад, заўважу, што і першае, і другое ў вершах Лучыны ёсьць. Але найперш пачытаем крытыку, і ў ёй паміж дэфініцыяў “паэта-дэмакрата” і “паэта-народніка” знойдзем адэкватныя для сёньняшняга розуму азначэньні.

Першую тлустую рысу пад творчасьцю Яна Неслухоўскага падвёў ягоны сучасьнік, рэдактар варшаўскай “Праўды” Аляксандар Сьвентахоўскі. Радкі з гэтага тэксту, прысьвечанага сьмерці паэта, яшчэ ў 60-я гады мінулага стагодзьдзя прывёў у сваёй кнізе Адам Мальдзіс:

“У Менску памёр чалавек, якога ня ведала шырокая грамадзкасьць, якога гісторыя літаратуры не ўвекавечыла на сваіх старонках, а пасьля сьмерці часопісы не прысьвяцілі яму нават дробнай нататкі. Стоячы ўдалечыні, на ўзьмежку, ён ня быў фаварытам, ня меў падтрымкі, ня стаў пестуном якога-небудзь часопісу, не здабыў сабе сяброў, якія напісалі б нэкралёг, хаця ў сваёй душы ён хаваў і талент, і запал. Ён палюбіў прыроду, прытым літоўскую прыроду, на яе ўлоньні выхаваўся і яе прывабнасьцю захапіўся. Быў ён чалавекам добрым і справядлівым, змог у сабе падтрымліваць агонь духоўнага энтузіязму, нягледзячы на фізычныя пакуты”.

Можна дапусьціць, што менавіта з гэтых паблажлівых радкоў пачалася традыцыя прыніжэньня Лучынавага таленту. Пасьля не аднойчы мы прачытаем пра недастатковую адоранасьць паэта Неслухоўскага. І заўсёды будзем адчуваць неабгрунтаванасьць гэтых ацэнак. Урэшце, дзеля чаго тады столькі ўвагі нейкаму нязначнаму эпігону? І чаму тады менавіта Лучынавы вершы сталі адпраўным пунктам для літаратуры нашаніўскае пары?

Што да невядомасьці яго для шырокай грамадзкасьці, дык з варшаўскім аўтарам можна паспрачацца. Лучына, верагодна, быў добра вядомы ў правінцыйным Менску, калі ад імя месьцічаў вітаў заежджыя тэатральныя трупы. Зрэшты, самая постаць гэтага чалавека на мыліцах, які штодня хадзіў на працу ў чыгуначную ўправу, не магла ня кідацца ў вочы менчукам.

Традыцыю прыніжэньня творчае значнасьці Лучыны працягнулі якраз нашаніўцы, у прыватнасьці, Максім Гарэцкі ў сваёй “Гісторыі беларускае літаратуры” пісаў:


1 2 3 4 5 6 7 8