Вытлумачэнне Янкi Лучiны

Акурат на ганку тэатру яго разьбіў паралюш. Факт сумнеўны, бо раптоўны паралюш выглядае зручным спосабам, як бы цяпер сказалі, “закасіць” ад працы паводле разьмеркаваньня ў далёкі Тыфліс. Асабліва калі ўлічыць, што, і ўстаўшы на мыліцы, Лучына не пакідае свайго ўлюбёнага занятку — паляваньня. Паспрабуйце ўявіць гэткага паляўнічага на ласёў зь мядзьведзямі, які са стрэльбай чыкільгае па лесе на мыліцах...

А яшчэ Лучына вывучае падзеі паўстаньня 1863 году, згадвае свае гутаркі ў Пецярбурскай студэнцкай тусоўцы з будучым тэрарыстам Грынявіцкім, а таксама свой нядоўгі побыт на Каўказе, у Тыфлісе — горадзе, які на той час сытуацыйна нічым не адрозьніваўся ад сёньняшняга Гудэрмэсу.

На паляваньні ён выяжджае ў фальварак Мархачоўшчыну пад Стоўпцамі. Да Неслухоўскіх (сапраўднае прозьвішча Лучыны) Мархачоўшчыну арандаваў Аляксандар Кандратовіч, бацька Ўладзіслава Сыракомлі. Стары “Слоўнік геаграфічны Польскага каралеўства і іншых славянскіх земляў” паведамляе, што маленькі літоўскі лірнік рабіў тут першыя крокі на шляху асьветы, дачыняўся з прыродай і з народам, палюбіўшы яго праз досьвед ягоных тагачасных бедаў. А Ўладзімер Мархель дадае, што ў сям’і Неслухоўскіх вельмі шанавалі Сыракомлю за ягоную творчасьць. Дарэчы, Сыракомля памёр у Вільні, калі менчуку Янку Лучыну было 11 гадоў.

Можна нават уявіць сабе, што будынак быў той самы і што ложкі паэтаў стаялі на тым самым месцы, можа быць і такое, што гэта была тая самая мэбля... Што ж да фактаў, дык згадаю хіба што яшчэ такі. Газэтны. Сёлета ў лютым у Мархачоўшчыне адбылося здарэньне. Зіма, цемра, шостая раніцы. Адзін тутэйшы п’янтос сьпіць пасярод вуліцы, другі едзе на сваім трактары. З прычыны напітасьці абодва нічога не заўважылі...

Згадзіцеся, даволі звычайная беларуская гісторыя.

Зь незвычайнасьцяў заўважу яшчэ, што ў Мархачоўшчыне ёсьць памятны знак пра Сыракомлю і Лучыну — двух выдатных паэтаў. А мясцовы калгас носіць імя трэцяга — Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна.

Да сказанага дадам дапушчэньне, якое магло б праясьніць біяграфію паэта. Сапраўды, ён не любіў гораду, у якім працаваў у чыгуначнай канторы. Ён любіў свой фальварак і ХІХ стагодзьдзе. Цяпер — сюжэт.

Малады чалавек сканчае інстытут у Пецярбургу і адпраўляецца ня ў родны Менск, а ў Тыфліс — працаваць на чыгуначных складах. Дома прычапіцца не далі — бацька быў пад сталым наглядам паліцыі за паўстаньне. Праз два гады Лучына часова вяртаецца ў Менск, і тут на ганку гарадзкога тэатру яго разьбівае паралюш. У Менску чалавек цягаецца на мыліцах на нялюбую працу. А як выпадаюць вольныя дні, адпраўляецца на вёску. Тут мыліцы адкідаюцца ўбок, Лучына распраўляе плечы, і перад ім разгортваецца поўная праграма здаровага жыцьця. Ён купаецца ў Нёмане, выходзіць на доўгія зацяжныя паляваньні ў навакольныя лясы, добра харчуецца. Навокал зычлівыя паспалітыя людзі, а можа быць, і тая сялянка... Пасьля ўсяго гэтага чалавек вяртаецца ў свой футарал — устае на мыліцы, надзявае акуляры і едзе ў Менск. Проціпастаўленьне выглядае цалкам праўдзіва. Гэта Менск для яго — футарал. А Мархачоўшчына — самое жыцьцё, сьвятая Літва і сьвятая Беларусь, якая натхняе яго на творчасьць.


1 2 3 4 5 6 7 8