Вытлумачэнне Янкi Лучiны

Гаспода вось. На градцы посуд.

Чыста ў хаце.

Абраз з выявай Божай

Вастрабрамскай Маці

На покуці ў вянку.

Таўстуха-печ. Вакол

Абеглі лавы проста змайстраваны стол.

На ім выглядваў хлеб з-пад чыстай палатніны,

Нож побач, соль на сподку.

Ток чысьцюткі з гліны

Заместа мосту — гаспадыніна хвала.

Пры печы вілы, качарга і чапяла.

Лучына моцна прывязаны да рэчаў і да краявідаў, што часьцяком робіць ягоныя вершы “паэзіяй чыстай красы”, якая перадвызначае ня толькі Коласа, але і Багдановіча. Іншае непасрэднае школы паэтычнага эстэтызму па-беларуску для апошняга папросту не існавала. Знаходзім мы ў Лучынавых творах і вечна актуальныя філязофскія сэнтэнцыі:

Падумае мудры ля блізкай магілы:

“За марай пайшоў я ў дарогу,

Мне бляскам фальшывым надзея

сьвяціла;

На сьвеце жывем мы задоўга”.

Зусім падобна выкажацца пазьней расчараваны ў сваіх філязофскіх пошуках Альбэр Камю: “Мы занадта доўга жывем”...

(Я думаю, а што б стаў пісаць Максім Багдановіч, пражыві ён даўжэй за свае 26 гадоў, якіх яму, здаецца, хапіла, каб цалкам выказацца і стаць беларускім паэтам нумар адзін? Зь іншага боку, 26-гадовага Купалы яшчэ недастаткова, каб гаварыць пра вялікага паэта і народнага песьняра.)

Яшчэ адна рыса, што адрозьнівае Лучыну ў шэрагу іншых паэтаў і адначасова пашырае нашыя сёньняшнія ўяўленьні: ён — мянчук. Нарадзіўся, пражыў, памёр і пахаваны ў Менску. Ён — самы менскі паэт у гісторыі беларускай літаратуры, гарадзкі культурны герой, вядомы кожнаму тагачаснаму менчуку і на вуліцах места, і ў менскім тэатры, дзе ад імя ўдзячнай публікі па-беларуску вітаў заежджыя трупы.



1 2 3 4 5 6 7 8