Вобраз Грышкi ў паэме Янкі Лучыны "Паляўнiчыя акварэлькi з палесся"

Хоць паэма Янкі Лучыны напісана ў асноўным на польскай мове, яна па праву лічыцца адной з вяршынь беларускай эпічнай паэзіі. Галоўны герой твора — ляснік Грышка — выдатны прадстаўнік беларускага народа, носьбіт псіхалогіі, жыццёвых поглядаў і укладу жыцця палескага сялянства. Мова паэмы вобразная, насычаная фразеалагічнымі зваротамі і лексічнымі асаблівасцямі, уласцівымі гаворцы палешукоў. I тэма твора, і моўнае яе выражэнне сведчаць аб несумненнай прыналежнасці паэмы да лепшых здабыткаў беларускай літаратуры.
     Ляснік Грышка паўстае ў паэме ў розных сітуацыях: і ў гутарцы, і ў разважаннях, і ў дзеянні падчас палявання, і ва ўспрыманні лірычнага героя — паніча. Але, які б занятак персанажа не апісваў аўтар, любоў да гэтага вобразу нязменна спадарожнічае паэту. Аўтар любуецца фізічнай сілай Грышкі, яго кемлівасцю, смеласцю, цудоўным валоданнем сваей справай. Янка Лучына паэтызуе галоўнага героя, параўноўвае яго з магутнымі, непераможнымі антычнымі багамі і героямі. Калі паэт апісвае радасць Грышкі пас ля таго, як ён забіў ваўка, то (хоць і з лёгкім гумарам) параўноўвае паляўнічага з Ахілесам, які стаіць над забітым Гектарам і цешыцца з сваей перамогі.
     Лучына падкрэслівае індывідуальнасць, незалежнасць у разважаннях свайго героя і, разам з тым, яго тыповасць як носьбіта лепшых якасцяў палескага селяніна. Апісваючы начную лоўлю рыбы, аўтар параўноўвае адважнага палешука з самім грозным богам мораў і акіянаў Нептунам.
     Паказваючы сацыяльныя і духоўныя карані лесніка Грышкі, Лучына піша:
     
     Аблічча, постаць, світкі край казалі ўсім,
     Што з продкамі Палесся ён лучба жывая
     I, як дзіця природы, з ім не порывав,
     Выхоўвалі яго імшарыны, чарот,
     Разліваў далі, душагубкі, што з калод.

     
     I меркаванні лесніка, і ход яго думак сведчаць аб вялікім жыццёвым вопыце і сялянскай мудрасці. Мова выказванняў Грышкі — выразная, вобразная, маляўнічая — адрозніваецца яркай індывідуальнай афарбоўкай і разам з тым характэрнымі асаблівасцямі гаворкі сялян-палешукоў:
     
     Чыгунку будаваць тут хочуць — даастатку,
     Ушчэнт павысякаюць Чорныя Ляды,
     Збярэцца купай набрыдзь, з'едуцца жыды,
     Як ганчакі, абнюхаюць усё зняцерпла
     Да Князя-возера ад Машукоў і Цепры,
     Спусцее паграбішча, пойдзе ўсё на звод,
     I ў Муты схоча ліпкі на прыбыткі зброд,
     Пакуль не выссуць сокаў, бы кляшчы, з зямелькі,
     I шчырасць нашу высмее прыблуда нейкі,
     Да ніткі абскубуць...

     
     Грыпіка глядзіць на жыццё не толькі як спажывец, а значна шырэй — як сапраўдны гаспадар, аднолькава ацэньваючы і матэрыяльныя, і духоўныя каштоўнасці:
     
     Пан ехаў праз Кругліцу, дзе ж яе краса?
     Як выглядае тая пустка, бачыў сам?
     Ні поля там не будзе, ні лугоў, ні пашы —
     Адна пустэча толькі, што людзей адстрашыць.

     
     Янка Лучына стварыў у паэме запамінальны вобраз беларускага селяніна, прыгожага і знешне, і ўнутрана, практычнага, умелага, гаспадарлівага і ў той жа час рамантычнага, цікаўнага. У вобразе галоўнага героя аўтар па-майстэрску ўвасобіў беларускі народны характар, адметныя нацыянальныя асаблівасці побыту, культуры, мовы.

Взято с http://belsoch.by/?p=vwsoch&schid=392