Рыбак і паляўнічы

Першая кніжачка ХХ стагодзьдзя

У 1897-м Янка Лучына памёр. Але думка пра выданьне ягоных беларускіх твораў не пакідала сымпатыкаў ягонай творчасьці. За гэта ўзяліся найперш маладзейшыя, нацыянальна сьведамыя беларусы, выгадаваныя на ягонай паэзіі. І найперш Іван і Антон Луцкевічы.

Гэта зь іхняй рупнасьці ўбачыла сьвет Лучынава “Вязанка”. Назву яе браты Луцкевічы вылушчылі з Лучынавага вершу “Пагудка”:

Назьбіралась вязаначка на дар маёй браці

Сярэдзь нашых палей, лясоў, сярэдзь сенажаці.

Не для зыску зьбіраліся і ня дзеля хвалы,

Так — папросту, як зьбіраем зельле ў дзень Купалы.

 

“Вязанка”

Зборнік Янкі Лучыны “Вязанка” быў выдадзены “Гуртком Беларускае народнае асьветы”, які заснавалі ў канцы 1902 г. у Пецярбургу Іван і Антон Луцкевічы. Сам Антон Луцкевіч пра гэта згадвае так: “Арганізацыя на першым месцы ў сваёй праграме паставіла: друкаваньне беларускіх чытанак і тварэньне беларускай школы для народу. Пачалі зьбіраць складкі, ладзіць вечарыны, ды гэтак злажыўся невялікі фонд, зь якім мы і прыступілі да друку “Вязанкі” Янкі Лучыны (у 1903 г.). (Ан. Луцкевіч “За дваццаці пяці гадоў (1903-1928). В., 1928)

Сяргей Палуян у сваіх “Лістох у будучыню” паведамляў, што зборнік Янкі Лучыны выйшаў на сродкі ад вечарыны, якая адбылася ў Менску. Паказвалі “Пашыліся ў дурні” Крапіўніцкага.

Цэнзура дазволіла друкаваць “Вязанку” Янкі Лучыны 24 красавіка 1903 г. Беларуская мова на пачатку стагодзьдзя была пад забаронай. Выдаўцы ўвялі цэнзуру ў зман, сказаўшы, што яны выдаюць кніжачку на баўгарскай мове. Ня ўсе водгукі на Лучынаву кніжку былі зычлівыя. Скажам, газэта “Могилевский вестник” у артыкуле “Брашура на беларускай мове” (1906, №76) пагардліва называла паэтычны зборнік “Вязанка” Янкі Лучыны “псэўданароднай літаратурай”, якую нібыта ніхто не разумее.

Першае выданьне “Вязанкі” даўно стала рэліквіяй. Адзін яе асобнік маю ў сваім зборы і я. Да мяне ён прыйшоў ад Алеся Разанава гадоў зь дзесяць ці болей таму. А да яго — зь Вільні, ад сваякоў кнігара Янкі Станкевіча.

У 1992 г. выдавецтва “Мастацкая літаратура” перавыдала факсымільна Лучынаву “Вязанку”, і новыя пакаленьні чытачоў маюць мажлівасьць далучыцца да шчырай, трапяткой Лучынавай паэзіі.

 

Пошук ценяў

Блукаю, сную цяперашнімі вірлівымі менскімі вуліцамі, шукаю сярод сучасных гмахаў са шкла ды бэтону, між непрыкаянай нашай мітусьні якіхсь Лучынавых сьлядоў. І гэта мне калі-нікалі ўдаецца.

Вось у нізовіне за Палацам прафсаюзаў ацалела колькі трохпавярховых мураванак. Гэта, кажуць, рэшта колішняй Юраўскай. Дзесь поблізу жылі Неслухоўскія. Ацалела амаль і ўся колішняя Хрышчэнская — суседка Юраўскай. Шмат чаго ацалела з Лучынавых часоў і на былой Саборнай — зараз гэта Пляц Волі. Ацалеў і колішні Аляксандраўскі сквер. Праўда, ён шмат чаго страціў, зьмяніўся. Зьнікла ўкраса саду — арыгінальная каплічка. Але застаўся фантан “Амур зь лебедзем”. Ён памятае Янку Лучыну. Гэтым фантанам ён не адзін раз цешыўся. Глядзеў на яго сваімі задуменнымі вачыма і бачыў у гэтай кампазыцыі якуюсь цноту і хараство жыцьця.

Пошук Лучынавых ценяў калі-нікалі спараджаў і самыя розныя прывіды Лучынавай постаці...

...Вось ён ідзе Захараўскай вуліцаю на службу. У тэхнічнае бюро. Ён яшчэ пры здароўі. Хада нетаропкая, паважная, у рытме тагачаснага места...

...А вось ён мне мільгануўся на Белацаркоўным беразе Сьвіслачы. Вудзіць рыбу... Янка Лучына быў заўзяты рыбак і паляўнічы.

А вось ён на юраўскім панадворку ля весьнічак. З мыліцамі.


1 2 3