Лучынава адкрыццё

 

Уладзімір Мархель
Лучынава адкрыццё
(Янка Лучына)

 

Янка Лучына, Ян Неслухоўскі, Іван Неслухоўскі. Тры імёны аднаго аўтара. Кожнае з сваім прызначэннем, як неад'емны спадарожнік творчасці на трох мовах - беларускай, польскай, расейскай. Псеўданім Янка Лучына павінен быў сімвалізаваць крыніцу святла, натуральную і звычную для старой сялянскай хаты беларуса, і разам з тым аднаўляць, аберагаць гістарычную памяць.
Нарадзіўся Янка Лучына ў Менску 24 чэрвеня, а як па новым стылі, то 6 ліпеня 1851 года. Імя Іван (і яго варыянты Ясь, Ян, Янка) атрымаў будучы паэт у сувязі з тым, што з'явіўся на свет падчас Купалля. Радавод яго старадаўні. Адзін з далёкіх продкаў Івана Неслухоўскага - Пшэбыслаў Дамброва яшчэ ў сярэдзіне XIII стагоддзя вызначыўся ў бітвах з татара-манголамі і атрымаў ад князя Конрада Мазавецкага Цеханавецкае графства ў Драгічынскай зямлі, дзе быў маёнтак Неслухі. Адсюль, відаць, і пайшло прозвішча Неслухоўскія, а яго носьбіты свой родавы герб назвалі Дамброва.
У XVII стагоддзі Неслухоўскія мелі ўладанні ў Пінскім павеце - спачатку маёнткі Моладава, Косава, Сакаловая Воля, а затым Марочнае і Завідчыцы, што належалі раней продкам Ф.М.Дастаеўскага (зараз гэта ў межах Іванаўскага і Івацэвіцкага раёнаў). Вайсковую службу яны адбывалі ў Вялікім Княстве Літоўскім, хто ротмістрам, хто харунжым, а хто стражнікам Берасцейскага ваяводства. Прадзед паэта, Іван Неслухоўскі, быў ротмістрам Наваградскага ваяводства, а дзед, Юры Іванавіч, - межавым суддзёю Слуцкага павета. Гэта, здавалася б, павінна было спрыяць паскарэнню афіцыйнага прызнання шляхетнасці Неслухоўскіх. Аднак справа чамусьці зацягвалася, бо, хоць прадзед паэта яшчэ ў 1802 годзе быў прызнаны менскай дэпутацкай зборняй шляхты «ў старажытнай шляхецкай годнасці», да гэтага пытання вярталіся паўторна (у 1832 і ў 1837 гадах), і толькі ў 1838 годзе пастанова зборні была зацверджана сенатам.
Бацька паэта, Люцыян Неслухоўскі, які пачынаў службовую кар'еру канцылярыстам у Менскім губеранскім праўленні, быў падчас нараджэння першынца Івана столаначальнікам у Менскай палаце цывільнага суда. Пазней, узняўшыся да чына калежскага асэсара, ён займаў пасаду сакратара гэтай палаты. У 1871-1880 гадах Люцыян Юр'евіч прадстаўляў Слуцкі павет у Менскай шляхецкай дэпутацыі і быў павераным князёў Радзівілаў у атрыманні выкупных пазык за маёнткі.
Маці, Антаніна з Лукашэвічаў, вяла хатнія справы, выхоўвала дзяцей. Пасля Івана нарадзіліся яшчэ Антон, Антаніна-Аліна, Юліян, Генрых, Вікторыя. Усіх трэба было паставіць на ногі, даць адукацыю. Юліян быў павераным сваёй маці па арэндзе фальварка Мархачоўшчына (а яго арандавалі Неслухоўскія з 1863 года).
Сям'я Неслухоўскіх жыла ў Менску ва ўласным доме, які стаяў на вуліцы Юр'еўскай пад нумарам 23. У кнізе Зоф'і Кавалеўскай «Менскія абразкі» адзначалася, дарэчы, што належаў ён «да вельмі вядомых, неадлучных ад горада» дамоў. Тут збіралася інтэлігэнцыя, абмяркоўваліся мясцовыя грамадскія і культурныя падзеі.
Маленства Івана прыпала на час, калі ўсе жылі ў прадчуванні значных палітычных падзей, у чаканні скасавання прыгону і ўвогуле нейкіх грамадскіх зрухаў і перамен. Атмасфера сям'і Неслухоўскіх, дзе госці і гаспадары бесперашкодна выказвалі свае думкі і нават патаемныя надзеі, спрыяла абуджэнню грамадзянскай свядомасці хлопчыка, сутыкала яго з пакутлівым пошукам адказу на пытанні, якія хвалявалі дарослых.
Дасягнуўшы чатырнаццацігадовага ўзросту, Ясь (так называлі Івана дома) паступіў у Менскую класічную гімназію, адразу ў трэці клас. Вучыўся ён добра і на пачатку наступнага навучальнага года быў узнагароджаны пахвальным лістом. Скончыў гімназію ў 1870 годзе ў ліку лепшых вучняў.
Працягваць адукацыю Іван Неслухоўскі наважыўся ў Пецярбургу, ва ўніверсітэце. Паспяхова здаўшы ўступныя экзамены на матэматычны факультэт, ён хадзіў на ўніверсітэцкія лекцыі да траўня 1871 года. Адмаўленне ад здачы экзаменаў за першы курс было, відаць, вынікам працяглага роздуму. Канчатковы выбар спыніўся на прафесіі інжынера. У гэтым выбары была пэўная даніна модзе: у асяроддзі інтэлігенцыі ў той час распаўсюджвалася думка, што тэхнічны прагрэс можа шмат змяніць у грамадстве да лепшага, і яна не магла не імпанаваць юнаку, сумленне якога не мірылася з сацыяльнай несправядлівасцю.
Восенню 1871 года Іван Неслухоўскі аформіў звальненне з універсітэта і паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, на механічнае аддзяленне. Спачатку ён наведваў заняткі як вольнаслухач, а праз год быў унесены ў спіс пастаянных студэнтаў. На канікулы заўсёды прыязджаў да бацькоў - у Менск ці Мархачоўшчыну (пад Стоўбцы), тую самую, якую раней, яшчэ ў трыццатыя гады, арандаваў Аляксандр Кандратовіч, бацька славутага вясковага лірніка Ўладзіслава Сыракомлі, вельмі шанаванага ў сям'і Неслухоўскіх.

1 2