Лучынава адкрыццё

10 верасня 1877 года вучэбны камітэт Тэхналагічнага інстытута прысвоіў Івану Неслухоўскаму ступень інжынера-тэхнолага. У канцы верасня - пачатку кастрычніка ён, найбольш верагодна, быў ужо ў Тыфлісе. Там Іван Неслухоўскі пачаў служыць на чыгуначных складах. Падчас апошняга прыезду ў родны Менск (было гэта ў 1879-м ці 1880 годзе) Івана Люцыянавіча спасцігла няшчасце: на выхадзе з канцэрта яго нечакана разбіў параліч. Бяда, аднак, не пахіснула жыццялюбства Неслухоўскага, не адняла ў яго прагі дзейнасці. Ён уладкаваўся на службу ў менскае тэхнічнае бюро Лібава-Роменскай чыгункі, дзе прыдалася яго інжынерная адукацыя, і нават не адступіўся ад свайго маладога захаплення - рыбалкі і палявання.
У друку Іван Неслухоўскі дэбютаваў вершам «Не ради славы иль расчета», які быў змешчаны ў першым нумары «Минского листка» ў 1886 годзе. Першае выступленне Неслухоўскага ў тым жа 1886 годзе ў польскім друку - публікацыя верша «Раскоша натхнення» ў часопісе «Kłosy» («Калоссе»). У вершы паэт звяртаўся да сваёй песні, паяднанай з роднай вёскаю з-пад Нёмана, як да крыніцы радасці і натхнення. «Раскошай натхнення» Ян Неслухоўскі заявіў пра сябе як паэт-дэмакрат, як лірык рамантычнага складу. Пісаў ён шмат, пісаў пераважна па-польску і калі-нікалі па-расейску.
Патрэба выказацца на беларускай мове з'явілася нечакана, як выбух, пад уражаннем выступленняў украінскіх артыстаў, якія гастралявалі ў Менску ў 1887 годзе. Украінскі тэатр падаваў прыклад паспяховай нацыянальнай самавыявы. Свае першыя беларускія творы «Усёй трупе дабрадзея Старыцкага...» і «Дабрадзею артысту Манько» Янка Лучына не публікаваў. Як беларускі паэт ён дэбютаваў у друку ў 1889 годзе, калі змясціў у газеце «Минский листок» верш «Вясновай парой», паклаўшы тым самым пачатак вяртанню беларускай літаратуры да друкаванага жыцця, перарванага пасля паразы паўстання 1863 года царскімі рэпрэсіямі на чвэрць стагоддзя.
Апавядальная інтанацыя большасці паэтычных твораў Янкі Лучыны, напісаных па-беларуску, - гэта рух насустрач селяніну, дзеля каго задумваўся і ад чыйго імя ствараўся верш. Менавіта праз гутарковы стыль, які адпавядаў духу часу і абумоўліваўся дэмакратычнай настроенасцю паэта, выяўлялася зліццё яго асобы з памкненнямі і ладам думак сялянства, адбывалася мастацкае адкрыццё эпічнай постаці беларускага мужыка.
«Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» - гэта Лучынава адкрыццё беларускага народа, мужнага, цярплівага, сціплага. Менавіта гэтыя рысы ўласцівыя старому лесніку Грышку, вобраз якога выпісаны ў паэме з любасцю і пераканаўчым псіхалагізмам. Постаць Грышкі - самая прыкметная і значная ў творчасці Лучыны-Неслухоўскага, а «Паляўнічыя акварэлькі» - выдатная з'ява ў літаратурным жыцці Беларусі на зыходзе XIX стагоддзя.
Магчыма, аўтар да канца не ўсведамляў гэтага, але ў тым, што тут яго напаткала творчая ўдача, ён не сумняваўся. Гэта відаць з лістоў паэта да рэдактара варшаўскага часопіса «Życie» («Жыццё») Зянона Пшасмыцкага. У адным з іх ён пісаў: «Чым жа прывабліваюць мае «Паляўнічыя акварэлькі»? Не ведаю. Мабыць, тым, што яны арыгінальныя і праўдзівыя, як фатаграфія, бо спісаны яны з сапраўдных факцікаў». І крыху ніжэй у тым жа лісце: «"Паляўнічых акварэлек" я мог бы напісаць з капу, бо і цяпер, хаця і без ног, трываю ў заўзятасці да шаракоў і бакасаў, за ложкам у мяне ёсць самапал, і езджу, калі здарыцца, паляваць на ўражанні, бо звярыну нячаста пазбаўляю жыцця. Ці павінен я тады фабрыкаваць "Акварэлькі"? Дзве ўжо абдумаў, адну напісаў слова ў слова з жыцця». Вельмі важнае прызнанне аўтара, што паэма ўзята з яго ўласнай жыццёвай практыкі. Значыць, існавалі прататыпы старога Грышкі і паніча. Думаецца, што паніч, ад імя якога вядзецца вершаванае апавяданне, - гэта сам паэт у час маладосці. Што да лесніка, то яго Лучына мог сустрэць у арандаванай бацькамі Мархачоўшчыне, куды яшчэ студэнтам прыязджаў на канікулы.
Разам з тым заўвага, што «Паляўнічыя акварэлькі» такія ж «праўдзівыя, як фатаграфія», ні ў якім разе не азначала, быццам паэма стваралася метадам капіявання рэчаіснасці. Гэта было несумяшчальна з дараваннем паэта, схільнага да пранікнення ў псіхалогію чалавека і да філасофскіх абагульненняў. Лучына проста хацеў падкрэсліць, што яго «Акварэлькі» не былі плёнам нястрымнай фантазіі, што пісаліся яны ў адпаведнасці з жыццёвай праўдаю. І паслядоўная плынь апавядання, і разгорнутыя пейзажныя замалёўкі з філасофскай алегорыяй, і этнаграфічная дэталізацыя ў апісанні побыту простых людзей, і паказ галоўнага героя ў разнастайных абставінах пацвярджаюць, што ў адлюстраванні жыццёвых з'яў Лучына не адрываўся ад рэальнай глебы і што ў самім характары выбару матэрыялу з рэчаіснасці, самой манеры падачы вобразных малюнкаў ён прытрымліваўся ў «Паляўнічых акварэльках» рэалістычнага спосабу ўзнаўлення пазнаных ім бакоў жыцця Беларусі.
Аднак у асобных лірычных адступленнях, дакладней у іх мінорна-задуменнай інтанацыі, чутны водгук рамантычнага настрою аўтара, дый у раскрыцці вобраза Грышкі ёсць моманты рамантызацыі, якая ішла ад аўтарскай улюбёнасці ў свайго героя. Так ці інакш гэта спрыяла ўзвелічэнню эпічнай постаці беларускага лесніка. Па маштабе і ўзроўні мастацкага абагульнення роўнага яму вобраза ні ў беларускай літаратуры, ні ў іншамоўнай літаратуры Беларусі другой паловы XIX стагоддзя няма. Таму «Паляўнічыя акварэлькі з Палесся» можна паставіць у такі гістарычна перспектыўны рад выдатных твораў, як «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага і «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча, якія прадвызначылі з'яўленне «энцыклапедыі беларускага жыцця» - «Новай зямлі» Якуба Коласа.
Уласнага зборніка польскамоўных твораў «Poezje» («Паэтычныя творы») Лучына не дачакаўся. 16 ліпеня 1897 года ён памёр, так і не давёўшы ў адпаведнасці з сваімі эстэтычнымі патрабаваннямі да канчатковай рэдакцыі варыянты беларускамоўных твораў, аб'яднаных пазней удзячнымі нашчадкамі ў кнігу «Вязанка».

Взято с http://knihi.com/krytyka/adkryccio.html


1 2