Пiсалася ў добрай веры ....

I Кракаў, і Познань былі за межамі царскай Расіі. За мяжою знаходзіўся тады і Львоў, дзе ў 1892 годзе выйшла перакладзеная на беларускую мову Аляксандрам Ельскім першая кніга паэмы Адама Міцкевіча "Пан Тадэвуш", выйшла як позні адказ на канфіскацыю беларускага перакладу той жа часткі «Пана Тадэвуша», ажыццёўленага В. Дуніным- Марцінкевічам і аддрукаванага ў 1859 годзе ў Вільні. А вось вершаваныя і празаічныя брашуры Ельскага «Сынок!» (1895), «Выбіраймася ў прочкі!» (1896), «Слова аб праклятай гарэліцы» (1900), якія, у адрозненне ад рэвалюцыйна зараджаных твораў Багушэвіча, згладжвалі вастрыню сацыяльных праблем тагачаснай вёскі і прытрымліваліся дыдактычнай мэты, былі выпушчаны ў Пецярбургу. Аказваецца, пад канец XIX стагоддзя царская цэнзура магла пры выпадку паблажліва паставіцца да кніжак беларускай мовы, абы толькі змест іх не выклікаў сумніцельных асацыяцый. Увогуле ж беларускае слова з'яўлялася тады ў друку пры нееерагодным намаганні аўтараў, і яго мастацкае жыццё вельмі часта абмяжоўвалася вуснай ці рукапіснай формай. Ніводнага беларускага твора не апублікавалі пры жыцці ні Альгерд Абуховіч, ні Адам Іурыновіч, ні Фелікс Тапчэўскі, ні многія іншыя пісьменнікі. Іх літаратурны даробак, не замацаваны ўсвой час друкам, зазнаў незваротныя страты. Далека не ўсё пашчасціла апублікаваць нават вынаходліваму ў такіх справах Дуніну-Марцінкевічу. Да сённяшняга дня даследчыкі гадаюць, куды маглі трапіць паперы, якія аўтар «Пінскай шляхты» складваў у знакаміты куфар. Не здолеў давесці да выдання сваю кнігу празаічных твораў і Багушэвіч. Яе рукапіс, здадзены ў 1899 годзе ў цэнзурны камітэт у Пецярбургу, не вярнуўся да аўтара і быў, выдаць, знішчаны якімсьці чыноўным наўмыснікам. А як маглі заашчадзіцца рукапісы беларускіх паэм Янкі Лучыны «Пятруся», «Віялета», «Гануся», «Андрэй», калі нават іх польскамоўныя варыянты («Мая Віялета» і «Андрый») аўтар, здаецца, так і не атрымаў назад з варшаўскага часопіса «Жыце», дзе спадзяваўся іх надрукаваць. Водгулле гэтых твораў данесла да нас газета «Минский листок», якая ў 1889 годзе змясціла ўрывак з паэмы «Гануся» — «Заходзіць сонца за горы». Тут, у мясцовай рускай газеце, прагрзсіўнай паводле грамадскага накірунку, Лучына апублікаваў яшчэ, акрамя рускамоўных твораў, два свае беларускiя вершы і пераклад Сыракомлевага «Ямшчыка». Не ўпусціў паэт магчымасці колькі разоў выступіць з беларускімі творамі і ў альманаху «Северо-Западный календарь», які таксама выходзіў у губернскім Мінску. Не ўсё з напісанага па-беларуску трапіла на старонкі гэтых выданняў. Штосьці, вядома, засталося ў асабістым архіве паэта. Яно магло б увайсці ў кнігу, якую ў 1894 годзе прапаноўваў выдаць вядомы гісторык М. В. Доўнар-Запольскі. Але да друку не дайшло. Ці то ініцыятыва Доўнар-Запольскага не была падмацавана прадпрымальнасцю, ці то ўсе спробы натыкаліся на чыноўніцкае «неразуменне». У Лучынавым лісце, адрасаваным гісторыку чутны водгалас сумнення ў мажлівасці падцэнзурнага выдання беларускай кнігі. Гэтае сумненне не магло не ўзнікнуць, бо за друкаванае жыццё сваіх твораў паэт вымушаны быў змагацца ў складанай атмасферы буржуазнай адчужанасці, афіцыйнай варожасці да беларускага слова, асабліва да незалежнага і праўдзівага, і вельмі часта змагацца безвынікова. Хто ведае, ці ўдалося б Лучыну змясціць колькі вершаў у «Минском листке» і «Северо-Западном календаре», калі б не падтрымка зацікаўленых у беларускім культурным руху фамадскіх сіл, якія групаваліся вакол гэтых выданняў. Адзінкавыя публікацыі ў польскай перыёдыцы таксама здабываліся не проста. Варшаўскі часопіс «Жыце», які зычліва ставіўся да Лучыны і на працягу 1887—1888 гадоў змясціў параўнальна нямала ягоных твораў (тры раздзелы з «Паляўнічых акварэлек» і пяць вершаў), і той у рэдакцыйных адказах аўтарам неаднойчы называў вершы паэта сярод твораў, якія не будуць надрукаваны. У снежні 1888 года ў іх лік трапіла Лучынава перыфраза "Лірніка вясковага" Сыракомлі, дасланая ў часопіс пад назвай «Сённяшні лірнік вясковы». Між тым яна была цалкам падрыхтавана да друку але, відаць, насцярожыла нядрэмную цэнзуру празрыстым падтэкстам — і не прабілася да чытачоў, засталася ў карэктуры. Крыху пазней, у верасні наступнага года, Лучына прызнаўся былому рэдактару часопіса Зянону Пшасмыцкаму што колькі часу ўжо нічога не піша, бо «сапраўды цяжкія ўмовы цяпер для рыфмаплётаў, а пісаць і хаваць у папку — гэта значыць працаваць, як малпа, якая цягала на поле каменне». Несумненна, паэт зведаў хвіліны душэўнай дэпрэсіі, калі здавалася, што страчаны ўсякі сэнс памкненняў і працы, але ён зведаў і ўзлёты высокага натхнення, якое, нягледзячы ні на што, вяртала яго да творчасці. Лучына быў сапраўдны паэт і пражыў нялёгкае, але высакароднае, мужнае жыццё. Нарадзіўся ён 24 чэрвеня, а як па новым стылі, то 6 ліпеня 1851 года. Імя Іван (і яго варыянты Ясь, Ян, Янка) атрымаў будучы паэт у сувязі з тым, што з'явіўся на свет падчас Купалля. Радавод яго старадаўні. Адзін з далёкіх продкаў Івана Неслухоўскага — Пшэбыслаў Дамброва яшчэ ў сярэдзіне XIII стагоддзя вызначыўся ў бітвах з татара-манголамі і атрымаў ад князя Конрада Мазавецкага Цеханавецкае графства ў Драгічынскай зямлі, дзе быў маёнтак Неслухі Ад яго, відаць, і пайшло прозвішча Неслухоўскія, а ягоныя носьбіты свой родавы герб назвалі Дамброва.


1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12